Андрэй Хадановіч «Самакат “Belarus”»
1
Ня ведаю, ці плённая гэта ідэя – прапанаваць напісаць эсэ пра каўчэг «Тытанік» жыхару і грамадзяніну непапраўна сухапутнай краіны Нават балоты ў Беларусі збольшага асушылі мэліяратары, а калі б і здарыўся які вялікі патоп, то куды выпускаць голуба па аліўкавую галінку? Арарат далёка, а найвялікшая гара — 345 мэтраў вышынёй, да таго ж носіць імя Дзяржынскага.
Так што адштурхоўвацца, ва ўсіх сэнсах, давядзецца ад зямлі. Прыкладна так, як кіроўцу самаката. Дарэчы, вось і добры сымбаль для маіх развагаў знайшоўся — і пасуе ён прынамсі зь дзьвюх прычынаў: тэхналёгіі руху і паэтычнай этымалёгіі.
Тэхналягічна найпрасьцейшы самакат сканструяваны так, што ніякага рухавіку няма і, адпаведна, ніякай дапамогі ў руху яму, як і Беларусі, чакаць не даводзіцца. І ўвесь выбар — штурхацца левай або правай нагой. Адпаведна, забіраючы ўправа або ўлева, у бок досыць умоўнай на сёньня Эўропы або ўсё больш бясспрэчнай Азіі. Хоць практыка апошніх пандэмічных месяцаў паказвае: куды б ты ні імкнуўся, а ўсё адно ўпрэсься ў зачыненыя межы.
У сваю чаргу, паэтычная этымалёгія выразна дзеліць гэта слова на дзьве часткі. Каб Шарль Бадлер пісаў свой слынны верш «Гэаўтонтымарумэнас» (даслоўна з грэцкай «той, хто сам сябе катуе») па-беларуску, ён ня меў бы праблемаў з нэймінгам: так бы і назваў — «сама-кат».
Калі вы ўбачыце інтравэрта, побач зь якім іншыя інтравэрты выглядаюць падазрона жвава, гэта ён. Калі нехта паварочвае галаву на сьмех, думаючы, што сьмяюцца зь яго, губляецца і саромецца — гэта ён таксама. Калі нехта моўчкі глытае абразу, не агрызнуўшыся, а потым падстаўляе другую шчаку, — зразумела, што ён. Але асьцярожней, крыўдзіцелі, трэцяй шчакі ў яго з тэхнічных прычынаў няма — і вы будзеце моцна зьдзіўленыя, калі на вашым трынаццатым паскудзтве вам раптам «прыляціць» і за яго, і за папярэдні тузін.
«Самаката» практычна немагчыма зьнішчыць, бо няма ў сьвеце такога болю, такой пакуты, такой крыўды і зьнявагі, няма такіх катаваньняў, якія можа нанесьці (і часам наносіць) сабе ён сам. Пра несьмяротнасьць — як найвышэйшую ступень цярплівасьці — беларуса складзеныя геніяльныя анэкдоты. Накшталт таго, пра павешанага, які, насуперак волі катаў, ніяк не хацеў паміраць: спачатку муляла шыі, а потым неяк прыцярпеўся, прызвычаіўся.
Чаму ж я, побач са словамі «немагчыма зьнішчыць», ужыў асьцярожнае абмежаваньне «практычна»? Бо ёсьць адзін спосаб: калі сам ён прыме рашэньне не існаваць (ці ня прыме рашэньня існаваць, што на практыцы выходзіць на тое самае), «самаката» не ўратуе ніхто і нішто. А ўся праблема якраз-такі ў тым, што да нядаўняга часу ён яшчэ ні разу ў гісторыі не даваў на гамлетаўскае пытаньне «быць або ня быць» адназначна зразумелага адказу.
Экспэрты скажуць у яго апраўданьне, што мала які народ меў настолькі трагічную (у тым ліку — сучасную) гісторыю. Што ён не распачынаў сам ні войнаў, ні наездаў, ні пагромаў, будучы шмат разоў аб’ектам агрэсіі суседзяў з усходу і захаду (а часам, даруйце, і з поўдня), бываў заваяваны, напалову фізычна зьнішчаны, русіфікаваны/паланізаваны, здраджаны сваімі элітамі (калі гэтыя эліты заставаліся ў жывых), падзелены між рознымі чужымі яму дзяржавамі, акупаваны, а потым пераакупаваны ўжо іншымі акупантамі, і так да бясконцасьці. Ажно ўрэшце зрабіўся магчымым фэномэн унутранай акупацыі, якім ёсьць 26 гадоў панаваньня (сама)ката Лукашэнкі. І такога ж унутранага (інтравэртнага!) партызанскага супраціву ёй.
Глыбіню інтравэртнасьці такога супраціву добра ілюструе наш палітычны анэкдот. Прыехаў замежны лінгвіст вывучаць беларускую мову – і пытаецца ў мясцовага дзядулі, чым розьняцца словы «бяда» і «гора».
— Ой, унучак, — кажа стары. — Каб наш улюбёны і ўсенародна абраны прэзыдэнт залез на свой Палац Рэспублікі, сарваўся зь яго ды ўпаў і насьмерць разьбіўся — ох, гэта было б гора!
— А бяда?
— А бяда — што ён туды ня лезе.
Дарэчы, «Слоўнік сынонімаў і блізказначных слоў» М. Клышкі падае 50 сынонімаў да слова «бяда» (гэта ня лічачы фразэмаў). І 25 сынонімаў да слова «смутак». Для параўнаньня, да слова «шчасьце» — 5 сінонімаў. А слова «радасьць» чамусьці зусім у тым слоўніку адсутнічае (да дзеяслова «радаваць» — 3 сінонімы).
2
Дык вось, усе гэтыя — часам крыўдныя, але збольшага справядлівыя — азначэньні гарачым беларускім летам 2020 г. выявіліся больш не актуальнымі. У беларусаў рэзка паболела жаданьняў. Жаданьня ведаць праўду і дабівацца справядлівасьці. Жаданьня свабоды і законнасьці. Жаданьня, згадваючы словы Янкі Купалы, «людзьмі звацца» (і, адпаведна, «ня быць скотам»). Быць сабой і проста быць. А адчуўшы такое жаданьне, паўтаруся, чалавек, загартаваны ўсім вышэйпералічаным, робіцца несьмяротным. І, хочацца верыць, непераможным.
Як так сталася, што беларусы масава перасталі быць «сама-катамі»? Так што цяпер гэта азначэньне датычыць хутчэй унутрана акупацыйнай, самаабвешчанай і нелегітымнай улады. Якая, сапраўды, заўсёды была жорсткай, хлусьлівай, амаральнай і цынічнай, але яшчэ ніколі з такой ідыятычнай упартасьцю ня секла сук, на якім сама ж і сядзіць. Зьнішчаючы рэшткі ўсякай павагі да сябе. Аб’ядноўваючы ў абурэньні і нянавісьці да сябе раней перасвараных апанэнтаў. Змушаючы правых і левых, маладых і сталых, «акулярнікаў» і «рабацягаў», мужчынаў і жанчын выходзіць на вуліцы разам і пратэставаць поплеч. Быццам бы дапамагаючы самым няўпэўненым у сабе інтравэртам зрабіць канчатковы выбар і стаць на бок актыўнага змаганьня за свабоду. Такое ўражаньне, што ў былым (так мне хочацца яго называць) прэзыдэнце і людзях побач зь ім абудзіліся ўнутраныя партызаны, робячы дывэрсію за дывэрсіяй. Ператвараючы сябе ня толькі, даруйце за патас, у крывавых катаў, але ўрэшце — і ў сама-катаў.
Прыгадваюцца словы францускага палітыка Талейрана: «Гэта горш за злачынства — гэта памылка, за злачынствы не расплачваесься ніколі, а за памылкі — заўжды». Ня трэба быць глыбокім аналітыкам, каб пералічыць асноўныя памылкі рэжыму-(сама)ката, што за некалькі месяцаў 2020 г. развалілі ўсякія падмуркі раней трывалай улады, раскатурхаўшы нашых «інтравэртаў» да глыбокага абурэньня і грамадзкай салідарнасьці.
Спачатку была рэакцыя рэжыму на пандэмію. Дакладней, адсутнасьць гэтай рэакцыі. Не-ўвядзеньне карантыну плюс ціск на мэдыкаў з мэтай схаваць ад людзей сапраўдную статыстыку захворваньняў і сьмерцяў. Цынічны выбар паміж чалавечым жыцьцём і палітычнымі інтарэсамі на карысьць другога. Хлусьня, што згубіла пачуцьцё меры і пачала ўспрымацца ўсімі-ўсімі менавіта як хлусьня, якой ужо ніхто ня верыць.
Потым наш традыцыйны, кансэрватыўны, «мачысцкі» рэжым фатальна для сябе недаацаніў ролю і сілу жанчыны. Бо імкнуўся загадзя, яшчэ да выбараў калі ня зьнішчыць, то нэўтралізаваць усіх канкурэнтаў-мужчынаў. У выніку ў турме апынуліся «мацёрыя» апазіцыянэры Павал Севярынец і Мікола Статкевіч. Папулярны блогер Сяргей Ціханоўскі. Найпапулярнейшы, хоць яшчэ зусім малады як палітык — банкір Віктар Бабарыка. Не былі «залічаныя» сабраныя за яго галасы і Валерыю Цапкалу. Замест іх, быццам бы ў насьмешку, рэжым зарэгістраваў Сьвятлану Ціханоўскую, якая пайшла ў кандыдаткі ў прэзыдэнты замест арыштаванага Сяргея, каб працягнуць яго справу. Лукашэнку і ў галаву не магло прыйсьці, што ў нашай краіне жанчыну могуць успрыняць усур’ёз і падтрымаць як палітыка. Але Сьвятлана загаварыла пра любоў — найперш да свайго мужа, якога прыйшла бараніць. Яе пачулі, паверылі, а неўзабаве і палюбілі. Да яе далучыліся яшчэ дзьве харызматычныя жанчыны — Марыя Калесьнікава, адна з кіраўніц штабу арыштаванага Бабарыкі, і жонка Валерыя — Вераніка Цапкала. І «тройцу» палюбілі яшчэ больш, бо гаварылі яны ня толькі пра любоў, але і пра салідарнасьць і ўзаемападтрымку. (Нашы палітыкі-мужчыны дзесяцігодзьдзямі не маглі дамовіцца і выставіць адзінага апазіцыйнага кандыдата, тонучы ва ўласных амбіцыях.)
Вяршыня ідыятызму ўладаў — разам з Бабарыкам была «арыштаваная» і банкаўская калекцыя карцінаў, што прадстаўляюць «парыскую школу», — працы знакамітых габрэйскіх мастакоў-выхадцаў зь Беларусі. Самая знакамітая зь іх — набытая больш як за мільён эўра «Ева» Хаіма Суціна. Здаецца, у той жа дзень нехта ў інтэрнэце заўважыў партрэтнае падабенства «Евы» да Сьвятланы Ціханоўскай. А наступнага дня пра гэта гаварылі ўсе. Так беларуская рэвалюцыя набыла жаночы твар. Шмат хто нават пачаў ужываць тэрмін «евалюцыя». Што ж цяпер дзівіцца масавасьці і асаблівай крэатыўнасьці менавіта жаночых пратэстаў?
Далей было 9 жніўня, найбольшая ў гісторыі Беларусі фальсыфікацыя прэзыдэнцкіх выбараў, калі цэнтрвыбаркам «прыпісаў» 80% кандыдату, за якога не прагаласаваў амаль ніхто, а Сьвятлане Ціханоўскай, за якую галасавалі практычна ўсе, — 10%. Улады як быццам зьдзекаваліся, выпрабоўваючы наш мазахізм: што мы здольныя стрываць яшчэ?
І тут сук пад задніцай рэжыму сур’ёзна затрашчаў. У момант, калі ўсёй Беларусі ўвечары 9-га адключылі інтэрнэт. Увага, адключылі людзям, якія месяцамі — нягледзячы на абыякавасьць рэжыму — самарганізоўвалі свой карантын, і ўсе іх (нашы) кантакты трымаліся фактычна на гэтым інтэрнэце. Дадамо сюды так званыя «дыванныя войскі» — тысячы і тысячы аматараў паабурацца выключна на канапе перад маніторам, за адну хвілю пазбаўленыя галоўнага каналу свайго абурэньня. Некаторыя зь іх упершыню выйшлі на вуліцу разьвіртуаліцца зь іншымі інтэрнэт-пратэстоўцамі.
І самая фатальная – усё-ткі перафразую Талейрана — больш чым памылка, бо жахлівае злачынства. Неадэкватна жорсткі адказ пратэстоўцам з боку сілавікоў. Замест звыклых гумовых палак, якімі дзесяцігодзьдзямі біў нас амон, — стрэлы на паражэньне гумовымі кулямі, кіданьне сьветлашумавых гранатаў, ужываньне сьлезацечнага газу і вадамётаў. Сапраўды зьверскія катаваньні — ня толькі ў месцах затрыманьня, але й непасрэдна па дарозе, у міліцэйскіх аўтобусах. І апошняе. Уявіце сабе пабітага ці параненага пратэстоўца, які бачыць машыну хуткай дапамогі і чакае яе набліжэньня. А машына набітая амонаўцамі – яны так вырашылі абмінаць дарожныя заторы. Вось жа сапраўды – каўчэг ператвараецца ў «тытанік».
Мэдыкі зафіксавалі сотні ранаў, а праваабаронцы – сотні выпадкаў жахлівых катаваньняў мірных людзей з боку амонаўцаў. А праз два-тры дні зьдзекаў, зьбіцьця і згвалтаваньняў затрыманых сталі выпускаць — у надзеі, што іх гісторыі паралізуюць беларускае грамадзтва страхам. Надзея спраўдзілася, але толькі напалову. Кожны пратэстовец адчувае гэты страх, адчувае магчымасьць таго, што рэжым можа зрабіць зь ім тое самае. Але раптам гэты страх зрабіўся не галоўным пачуцьцём. Бо людзі перапоўненыя гневам і жаданьнем дабіцца справядлівасьці, у людзях прачнуліся годнасьць і салідарнасьць, зрабіўшы іх (нас!) грамадзянскай супольнасьцю.
За арыштаванымі пратэстоўцамі першых дзён выйшлі жанчыны зь нестандартнымі пратэстамі, што парвалі шаблоны сілавікам. Выйшлі людзі мастацтва з пэрформансамі, сьпевамі і палітычнымі плакатамі. Чаго вартыя: «АМОНіМЫ — АНТОНІМЫ», «З дном народзінаў!» (пра Лукашэнку) і з «Днішчам ведаў!». Выйшлі рабочыя заводаў, пачаўшы страйкі. Выйшлі — і наогул чацьверты тыдзень запар выходзяць — паўмільёна людзей у Менску і самых маленькіх гарадах. Раней лік вёўся не на сотні, а толькі на дзясяткі тысяч удзельнікаў пратэстаў, то бок Беларусь за некалькі месяцаў зрабілася роўна ў дзесяць разоў свабоднейшай. Сёньня, калі я пішу гэтыя словы, 1 верасьня, — і на «дзень ведаў» на вулічныя пратэсты выйшлі тысячы студэнтаў, якіх спрабуюць спыніць і затрымліваюць сілавікі. Нехта пажартаваў: тыя, хто не паступіў ва ўнівэрсытэт, арыштоўваюць тых, што паступілі.
Час зьмяніўся, зьмяніўся і самакат Belarus. Цяпер гэта сучаснае прыстасаваньне з досыць моцным рухавіком і модным дызайным. Яно па-ранейшаму буксуе на вясковым бездарожжы, але ўжо някепска адчувае сябе ня толькі ў двухмільённай сталіцы, але і ў маленькіх гарадках. Яно на «ты» з інтэрнэтам, каторы, як выяўляецца, немагчыма глушыць і блакаваць вечна. Яно здольнае да элегантных манэўраў, што дазваляе абыходзіць створаныя рэакцыйнымі сіламі заторы і блакады — у тым ліку, у галовах людзей. І вязе ўсіх ахвочых — па адным, а часам і шчасьлівымі парамі — калі ня ў сьветлую будучыню (трасца на яе, старую фразеялогію), то ў ня самы лёгкі, але тым цікавейшы час пераменаў.
1 верасьня, 2020
Андрэй Хадановіч © text, 2020
All rights are reserved. No part of this publication may be reproduced, stored in a retrieval system or transmitted in any form or by any means, electronic, mechanical, photocopying, recording or otherwise, without prior permission of NGO Publishers' Forum © NGO Publishers' Forum, 2020